история

Гісторыя шчодра адарыла гэтае месца незабыўным мінулым нашых продкаў, вядомых славутых асветнікаў, якія многае зрабілі для развіцця беларускага слова, узбагачэння культурнай спадчыны нашага краю.

Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) - адзін з першых уладальнікаў Мірскага графства - выдаў за свой кошт Біблію ў Брэсце. Яго сын, Мікалай Крыштоф Радзівіл, празваны ў народзе Сіроткам (1549-1616), быў высокааду-каваным чалавекам, мецэнатам, пісьменнікам, чый дзённік пра падарожжа на Бліжні Усход і сёння чытаецца з вялікай цікавасцю. А яго слуга, Альберт Каячынскі, вядомая ў гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы постаць як мецэнат Сымона Буднага, выдаўца славутай нясвіжскай Бібліі. Многае зрабіла для развіцця беларускай культуры Францішка Уршула Радзівіл. Таленавітая жанчына пісала п'есы, ставіла іх на сцэне Нясвіжскага аматарскага тэатра. Вядома, што такія прадстаўленні адбываліся і ў Міры.

У бібліятэках шляхты, а таксама ў хатах адукаваных рамеснікаў былі кнігі, перакладзеныя з іншых моваў, напісаныя беларускімі публіцыстамі, свецкімі і царкоўнымі дзеячамі. Так, у ХУ1 стагоддзі былі напісаны "Гістарычныя запіскі" Ф.Еўлашэўскага, пісара наваградскага суда, дзе шмат дасціпных і цікавых назіранняў за сучаснікамі.

Бясцэнны дар, які дастаўся нам ад продкаў - Малажухавіцкае Евангелле - беларускі рукапісны помнік канца ХУ - пачатку ХУ1 стагоддзя. Пісаны ў ліст, паўставам, царкоўна-славянскай мовай з многімі беларускімі асаблівасцямі.

Пры храмах існавалі школы. Так, у Міры працавалі дзве школы, узро-вень выкладання ў якіх быў дастаткова высокім. Вывучаліся творы Цыцэрона, Вергілія, Гамера на лацінскай і грэчаскай мовах, што давала магчымасць выходзіць на агульнаеўрапейскі ўзровень. Як вядома, адукацыю за мяжой атрымаў Саламон Маймон, сусветна вядомы філосаф-асветнік з Міра, даследаванні якога будаваліся на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці.

Сваёй асветніцкай дзейнасцю вядомы Іосіф Руцкі. Шэраг пасланняў і палемічных твораў на беларускай і польскай мовах маюць гістарычнае значэнне як крыніцы пазнання эпохі.

Гісторыка-літаратурнае значэнне маюць творы братоў Абуховічаў, баць-кі і сына Маскевічаў, Станіслава Незабытоўскага,пісьменнікаў мемуарыстаў з Карэліччыны.

Спрабаваў сябе на літаратурнай ніве філосаф-мараліст, пісьменнік з Міра Фларыян Бохвіц, якому належаць працы "Форма майго мыслення", "Сутнасць маёй думкі", "Думкі аб выхаванні чалавека". Значны навуковы здабытак пакінуў нам Ігнат Дамейка, уражэнец мірскіх мясцін, вучоны з сусветным імем, нацыянальны герой Чылі, пяру якога належаць успаміны пра Адама Міцкевіча, асобная кніга пра філаматаў і філарэтаў, дзеннікавыя запісы "Мае падарожжы".

Маляўнічыя краявіды Карэліч і Міра, якія ўваходзілі ў склад тагачаснай Навагрудчыны, натхнялі Адама Міцкевіча на стварэнне цудоўных твораў, далі штуршок для развіцця яго паэтычнага таленту. А гадоў 160 таму ён апеў у паэме "Пан Тадэвуш" Мірскі замак:


Вось вежа, што над ранняю імглою тырчэла,
Вышэйшаю здалася мо ўдвая; блішчэла
На блясе сонца - дах, як золатам быў крыты,
Вясёлкамі цвілі кавалкі шыб пабітых
                     (Пераклад П.Бітэля)

Шмат артыкулаў пра Беларусь надрукаваў Вінцэсь Каратынскі, паэт, журналіст і перакладчык, сакратар У.Сыракомлі.

Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння стаяў Ян Чачот, чыя папуляры-зацыя вуснай народнай творчасці, жаданне ствараць літаратуру на мове свайго народа даюць падставу лічыць яго сапраўдным беларускім нацыянальным паэтам. З 1837 па 1846г. ён выдаў у Вільні "Сялянскія песні"- 6 кніг, куды ўвайшло каля 1000 беларускіх народных песень, прыказкі, прымаўкі, уласныя вершы.

Шлях многіх вядомых людзей прайшоў праз Мір і Карэлічы, паўплываў на фарміраванне іх светапогляду.

З.Я.Даленга-Хадакоўскі - славяназнавец, адзін з пачынальнікаў беларус-кай, рускай, украінскай археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі, дыялекталогіі, працаваў упраўляючым маёнтка Варонча. Менавіта тут, карыстаючыся багатай бібліятэкай і архівам графа Несялоўскага, многа чытаў і ўдасканальваў свае веды. Фактычна ён упершыню адзначыў, што беларуская мова мае сваю даў-нюю гісторыю, што ёю карысталіся не толькі простыя людзі, але і арыстакра-тычныя вярхі.

З карэліцкім краем быў звязаны сусветна вядомы вучоны філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаў-ства, этнограф і фалькларыст Яўхім Карскі. Сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства стала фундаментальная трохтомная праца "Беларусы", у якой упершыню была навукова абгрунтавана нацыянальная самабытнасць беларус-кага народа як самастойнага славянскага народа. Яго праца "Агляд гукаў і форм беларускай мовы" зроблена дзякуючы фальклорным запісам з в.Бераза-вец.

Часта наведваў нашы мясціны і добра ведаў Навагрудак, Шчорсы і славутую бібліятэку графаў Храптовічаў, Цырын, Варончу, Мір, Валеўку, возера Свіцязь паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху Тамаш Зан. Сваёй творчасцю ён звярнуў увагу на багацце беларускага фальклору, гістарычную пераемнасць і прыгажосць мовы беларусаў.

Свае ўражанні аб Міры выклаў у нататках "Вандроўкі на маіх былых ваколіцах" вядомы польскі і беларускі паэт, празаік, перакладчык Уладзіслаў Сыракомля. Менавіта яго верш "Паштальён", які пазней быў перакладзены на рускую мову пад назвай "Ямщик", стаў папулярнай рускай народнай песняй.

Беларускі і рускі пісьменнік, этнограф, публіцыст Павел Шпілеўскі ў сваёй кнізе "Падарожжа па Палессі і Беларускім краю" у ліку іншых гарадоў і мястэчак Беларусі дае апісанне Міра, а таксама звесткі пра жыццё цыган, іх заняткі і звычаі.

Значную ролю ў развіцці нацыянальна-вызваленчага руху ў барацьбе за беларускую школу і культуру адыграла ў другой палове 20-х гадоў масавая культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы, першы з'езд якога адбыўся ў Міры ў студзені 1927г. 8 чэрвеня 1933 года выйшаў першы нумар "Беларускай газеты", рэдактарам-выдаўцом якой быў наш зямляк Аляксандр Карповіч.

А колькі прыгожых радкоў прысвяцілі менавіта Міру,паэты і пісьмен-нікі - уражэнцы Карэліцкага краю! Сярод іх Янка Брыль, Раман Тармола, Вольга Іпатава, Аляксандр Бажко, Уладзімір Калеснік, Аляксандр Мілюць, Уладзімір Варава і іншыя.

Hosted by uCoz